Час ідзе, імя застаецца
У 1902 годзе Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас) скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю і прыехаў працаваць у глухую палескую вёску Люсіна Пінскага павета Мінскай губерні. Тое, што ён тут убачыў, было маласуцяшальным: дрымучыя старадрэўныя лясы, камарыныя балоты…
“Невялічкая вёска ў адну вуліцу выглядала непрыветліва і непрытульна. На ўсім ляжала пячаць нядбаласці і нейкай недаробленасці, як бы тутэйшыя гаспадары будаваліся на скорую руку і ўсё рабілі да часу і яшчэ не ўправіліся даць той лад і парадак, якім, наогул, адзначаецца беларуская вёска. Вуліца была роўная і шырокая. Амаль што не каля кожнай хаты ляжалі кучы бярвенняў і гнілі, але нікому не прыходзіла ў галаву палажыць кладачку хоць супраць сваёй хаты, каб льга было прайсці праз балота, у якім тапілася гэта вуліца ... Але палешукі звыкліся з гэтай граззю і не зварачалі на яе ўвагі. Хаты былі пераважна новыя, пабудаваныя з тоўстага і гладкага лесу. У размяшчэнні гаспадарскіх будынін на двары таксама не было пэўнага парадку і сістэмы, а ўсё было навалена як папала”, - пісаў пазней Якуб Колас пра вёску Люсіна ў трылогіі “На ростанях”.
Шчыльнай сцяной абступілі клопаты маладога настаўніка. Трэба было думаць пра добраўпарадкаванне школы.
Цемра, адсталасць, галеча… Юнаку хацелася вырашыць гэтыя пытанні не адкладваючы. Яго цягнула да сялян. Настаўнік часта заходзіць у хаты, гутарыць з імі, спачувае. Тыя сустракаюць яго з недаверам, дзяцей у школу не пускаюць. “Пражылі, - кажуць, - нашы дзяды, бацькі без навукі, жывём мы, то пражывуць і нашы дзеці”. Але пазней палешукі пазнаюць у маладым настаўніку “свайго” чалавека з сялянскага асяроддзя і недавер гэты знікае. Яны сталі адпраўляць у школу сваіх дзяцей, заходзіць да яго на кватэру са сваімі скаргамі, крыўдамі, бедамі.
Люсінскае народнае вучылішча, як у той час называлася школа, наведвала 35 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі. Вялікіх цяжкасцей каштавала Канстанціну Міхайлавічу, каб насуперак закаранелым традыцыям пераканаць палешукоў у тым, што школу павінны наведваць не толькі хлопчыкі, але і дзяўчынкі.
Усю сваю душу аддаваў малады настаўнік школе. Ён быў патрабавальны не толькі да вучняў, але і да сябе, усімі сіламі імкнуўся прывіць дзецям любоў да школы, да роднага краю. Нягледзячы на цяжкасці, настаўнік працаваў з дзецьмі настойліва. З успамінаў вучняў вядома, што ў школе вучыліся арыфметыцы, пісьму, чытанню, спевам, чыстапісанню. Дзеці вывучалі і закон Божы. Законавучыцелем быў Іосіф Аўксенцьевіч Ціхановіч. Вучні Я.Коласа мелі трывалыя веды. Яны паспяхова вытрымлівалі экзамены, можна было б вучыцца далей. “Але, каб паехаць вучыцца, - успамінаў былы вучань Я.Коласа Сямён Цялушка, - трэба было “вывесці” карову з хлява”.
Працуючы ў Люсіне, Я.Колас рабіў этнаграфічныя запісы, збіраў вусную народную творчасць. Нарыс “О крестьянских постройках деревни Люсино Минской губернии Пинского уезда Хотыничской волости” напісаны маладым настаўнікам на рускай мове ў звычайным вучнёўскім сшытку. У гэтым творы можна сустрэць знаёмыя люсінцам назвы: Яшукова гара, Шведава гара, рэчкі Целяшоў Дуб, Струга, Дубаўское возера, рака Цна, вёска Макава і іншыя. Магчыма, ад назвы адной з рачулак, што ўпадала ў раку Цна, пісьменнікам узята назва нашай вёскі ў аповесці “У палескай глушы” – Цельшына.
Адзін з яго твораў – паэма “Яшукова гара” – заснаваны на мясцовай легендзе аб злым пане Яшуку. На жаль, тэкст гэтага твора не захаваўся. Сама ж легенда падрабязна апісваецца ў першай главе другой часткі трылогіі “На ростанях” – аповесці “У глыбі Палесся”.
Дзякуючы этнаграфічным запісам, зробленым Якубам Коласам, мы маем уяўленне аб розных баках жыцця люсінцаў на мяжы 19-20 ст.ст.
Жывучы ў Люсіне, Канстанцін Міхайлавіч працаваў над празаічным творам на рускай мове "Один из сотни", у аснову якога пакладзены сюжэты семінарскай вучобы (твор захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва). Лёс галоўнага героя трылогіі "На ростанях" Андрэя Лабановіча са слоў Якуба Коласа ўвабраў ў сябе задуму "Аднаго з сотні".
У час працы ў нашай вёсцы малады настаўнік знаёміўся з нелегальнай рэвалюцыйнай літаратурай. Даваў яе настаўніку адзін яўрэй, па прафесіі сталяр, недалёкі зямляк са Стоўбцаў. “Гэтыя брашуркі далі ход маім разважанням у зусім новым кірунку і моцна зацікавілі мяне. Яны зрабілі ў мяне цэлы пераварот”, - успамінаў Я.Колас.
У Люсіне і ў наваколлі вёскі ў паэта былі любімыя мясціны, дзе ён нярэдка блукаў, пісаў вершы. Адно з такіх мясцін - Дубаўское возера. Панарама возера знаходзіцца у школьным музеі.
Па роду службы Канстанцін Міхайлавіч быў вымушаны ездзіць у цэнтр воласці – вёску Хатынічы. Дарога туды была цяжкапраходнай: кругом лясы і балоты. А недзе пасярэдзіне шляху, на адносна высокім месцы, знаходзіўся фальварак Пакамер. Гэтая прыгожая і маляўнічая мясціна ўзгадваецца пісьменнікам ў аповесці “У палескай глушы” пад назвай Завітанкі.
Жыў Я.Колас пры школе. Кватэра складалася з трох пакояў: кухні, сталовай і спальні. На кухні размяшчалася старожка бабка Мар’я. Менавіта дыялогам настаўніка з бабкай Мар’яй пачынаецца аповесць “У Палескай глушы”.
У Люсіне разам з Якубам Коласам жыла адну зіму яго сястра Юзэфа. “Костусь, - успамінае яна, - працаваў многа. З некаторымі вучнямі займаўся і пасля абеду. Часта вечарамі да яго прыходзілі дарослыя мужчыны. З імі ён гутарыў, чытаў кнігі”.
Кацярыне Андрэеўне Цялушка пашчасціла жыць у той час, калі ў Люсіне працаваў К.М.Міцкевіч. Кацярына Андрэеўна пражыла больш за сто гадоў (1888-1991). Яна ўспамінала, што бліжэйшымі суседзеямі настаўніка з’яўлялася сям’я аб’ездчыка Ігната Баранцэвіча. У яго было дзве дачкі, Габрыня і Ядвіга, і два сыны, Ян і Чэслаў. Ядвіга была прыгожай дзяўчынай, з вялікай чорнай касой, карымі вачамі і цёмнымі бровамі. Са стану танклявая, але вельмі стройная. Настаўнік часта хадзіў да іх вечарамі. Было відаць, што Ядвіга і Кастусь кахалі адзін аднаго. Але бацька быў супраць іх кахання. Ядвіга таксама не верыла ў шчырасць пачуццяў маладога чалавека і выехала з Люсіна.
У хуткім часе пакінуў Люсіна і Якуб Колас. Пасля заканчэння экзаменаў Канстанцін Міхайлавіч напісаў прашэнне аб пераводзе з Люсіна ў іншую школу. Калі летні адпачынак заканчваўся, ён атрымаў паведамленне аб прызначэнні ў Пінкавіцкую школу.
У 1922 годзе Я.Колас напісаў аўтабіяграфічную аповесць “У Палескай глушы”, у якой яскрава і праўдзіва адлюстраваў жыццё і быт сялян вёскі Люсіна.…
Прайшло шмат гадоў з таго часу, калі Якуб Колас настаўнічаў у нашай вёсцы. А людзі не забылі яго. Пісалі пісьмы, расказвалі пра тыя змены, што адбываліся ў палескай вёсцы. У 1948 годзе люсінцы звярнуліся да Канстанціна Міхайлавіча з просьбай дапамагчы пабудаваць новую школу. Якуб Колас адказаў ім:
“Мае дарагія сябры-прыяцелі, мае былыя вучні і суседзі-люсінцы. Я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб у вас на месцы старой драўлянай школы была пабудавана новая, прасторная, светлая школа…”
Незадоўга да смерці ён напісаў ліст да былога вучня М.В.Занькі:
“Дарагі Міхаіл Васільевіч! Атрымаў я, браток, тваё пісьмо. Я вельмі рад прыгадаць былое, свае маладыя гады, сваю першую школу, дзе я быў настаўнікам, і сваіх вучняў, у тым ліку і цябе, мой дарагі Міхалка. Многа гадоў прайшло з таго часу. Многа ўсякіх падзей і змен у жыцці адбылося за гэты час. Люсіна я ніколі не забуду. Я памятаю школу… Усё думаў паехаць, пабываць на месцы і ўсё пабачыць сваімі ўласнымі вачамі. А цяпер для мяне такія паездкі не пад сілу… А цікава было б пабачыць хоць адно дрэўца, што калісь садзілі мы вакол Люсінскай школы. Перадай, браток, маё шчырае прывітанне ўсім, хто помніць мяне…”
Наведаць Люсіна, тыя сцежкі, па якіх ён хадзіў, калі працаваў настаўнікам, і дзе сустракаўся з героямі сваёй аповесці “У палескай глушы”, Канстанціну Міхайлавічу не давялося.
У 1966 годзе на будынку школы была ўстаноўлена мемарыяльная дошка Якубу Коласу.
Вялікая работа разгарнулася ў школе па падрыхтоўцы да святкавання стагадовага юбілея песняра. Пад кіраўніцтвам тагачаснага дырэктара школы Станіслава Іосіфавіча Жаркова быў створаны літаратурна-этнаграфічны музей Якуба Коласа, адкрыццё якога адбылося 24 красавіка 1982 года. (зараз літаратурны музей Якуба Коласа). Шматлікія госці сталі сведкамі напісання яшчэ адной старонкі народнай кнігі пра песняра. Першым кіраўніком музея была настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ганна Фёдараўна Мурсалім. Яе самаадданасць любімай справе была перахоплена вучнямі: гурток юных экскурсаводаў, якім яна кіравала, стаў бадай самым запатрабаваным у школе.
Увагу наведвальнікаў коласаўскага музея прыцягваюць фотаздымкі і дакументы, якія расказваюць пра жыццё і творчасць народнага паэта, яго настаўніцкую і палітычную дзейнасць. Багаты матэрыял змяшчае раздзел музея “Хата палешука”. Тут можна ўбачыць прылады працы і быту, якімі карысталіся сяляне ў пачатку 20-га стагоддзя.
Таксама у музеі ёсць некалькі фотаздымкаў былых вучняў Я.Коласа. Самы знакаміты сярод іх – Піліп Васільевіч Цялушка, 1893 г.н., удзельнік Першай сусветнай вайны, у гады грамадзянскай вайны выконваў абавязкі старшыні Люсінскага рэўкама, камандзір партызанскага атрада, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
За час сваёй дзейнасці музей прыняў нямала экскурсантаў. У кнізе водгукаў свае запісы пакінулі наведвальнікі з Расіі, Узбекістана, Казахстана, Туркменістана, Польшчы, Злучаных Штатаў Амерыкі. Пры музеі працуе гурток юных экскурсаводаў, які ўзначальвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Аляксандраўна Антыкала.
Экскурсаводы, апранутыя ў нацыянальнае адзенне, з задавальненнем, цікава і змястоўна расказваюць аб жыццёвым і творчым шляху Я.Коласа, знаёмяць з экспанатамі музея. Падчас экскурсіі вучні пераўвасабляюцца ў коласаўскіх герояў і па-майстэрску інсцэніруюць урыўкі з аповесці "У палескай глушы", паэмы "Новая зямля", чытаюць вершы беларускіх паэтаў, а таксама свае ўласныя вершы, спяваюць беларускія народныя песні.
Значнае месца коласаўская тэматыка займае ў сістэме выхаваўчай работы. Традыцыйнымі ў школе сталі коласаўскія чытанні, конкурсы на лепшы твор, прысвечаны Я.Коласу. Настаўнікі і класныя кіраўнікі праводзяць у музеі ўрокі, класныя гадзіны, пазакласныя мерапрыемствы.
20 кастрычніка 2002 года ў Люсіне прайшло раённае свята паэзіі “Песняй вітаю я вас”, прысвечанае 120-годдзю са дня нараджэння народнага паэта Беларусі Я.Коласа. У праграме гэтага свята адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака на месцы, дзе стаяла школа ў час працы Якуба Коласа. Устаноўлены драўляныя скульптуры коласаўскіх герояў – гэтыя творы мастацтва нам падарылі разьбяры па дрэву, плянар якіх праходзіў у нашай вёсцы на працягу некалькіх дзён да пачатку свята. Вучнямі школы закладзена алея ў гонар народнага паэта. Тыя халодныя кастрычніцкія дні не амрочылі свята, бо на ім гучалі цёплыя і шчырыя словы ў гонар слыннага сына беларускай зямлі Якуба Коласа. Гэтыя словы сагравалі ўсіх аднавяскоўцаў і шматлікіх гасцей, аб’яднаных любоўю да паэта, да роднай мовы, да роднай зямлі.
4 верасня 2011 года ў г.Ганцавічы прайшоў Дзень беларускага пісьменства і друку. У гэты дзень у райцэнтры быў урачыста адкрыты бюст народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу. Гасцей рэспубліканскага свята віталі і на люсінскай зямлі. Да нас наведалася дэлегацыя паслоў з розных краін свету.
3 лістапада 2011 года, як раз у дзень нараджэння Якуба Коласа, Люсіна ўпершыню наведаў малодшы сын пісьменніка Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч разам са сваёй дачкой Марыяй і ўнукам Васілём. Гэта была незабыўная сустрэча, поўная прыемных уражанняў.
З шырокім размахам быў адзначаны чарговы юбілей народнага паэта. Свята “Пясняр зямлі беларускай”, прысвечанае 130-годдзю са дня нараджэння Якуба Коласа, прайшло ў нашай вёсцы 21 кастрычніка 2012 года. Люсіна зноў наведаў Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, на гэты раз разам са сваім сынам Канстанцінам Міхайлавічам і ўнучкай Васілінай.
Шмат гадоў мінула з таго часу, калі ў Люсіне працаваў настаўнікам Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас). Час ідзе, а імя застаецца ...
Многія мясціны нашай вёскі нагадваюць аб тым, што на люсінскай зямлі жыў і працаваў знакаміты паэт.
Праз нашу вёску праходзіць чыгунка. На пасажырскіх цягніках усё едуць і едуць пасажыры, кожны па сваёй справе. Хтосьці мімаволі кіне свой позірк на прыпынак. Не, ён не называецца так, як і вёска: ён носіць імя Якуба Коласа. Люсінцы звыкліся з такой назвай і, больш таго, ганарацца гэтым: ведайце, спадары пасажыры, што ў нашай вёсцы працаваў сам Якуб Колас!
Звернеш з шашы Ганцавічы - Лунінец на цэнтральную вуліцу вёскі, якая расцягнулася ад чыгункі на цэлы кіламетр, і на першай хаце ўбачыш назву гэтай вуліцы - імя Я.Коласа. Па гэтай вуліцы, тады бруднай і непрыгляднай, не раз хадзіў малады настаўнік Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч.
Літаратурнае Цельшына (пад такой назвай наша вёска апісваецца ў аповесці Я.Коласа “У палескай глушы”) прыглянулася мясцовым калгаснікам, калі паўстала пытанне, як назваць сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў пасля рэарганізацыі калгаса імя Калініна, і на шыльдзе з'явілася новая назва - у гонар знакамітага песняра (зараз - ААТ "Люсіна-Агра).
Пасля праведзенага рамонту ў праграме будаўніцтва аграгарадка адна з крамаў вёскі атрымала назву “На ростанях”, як і трылогія Я.Коласа. Пабудаванай на вуліцы І.Крупеніча краме далі назву “Ядвіся” у гонар гераіні аповесці “У палескай глушы”.
27 снежня 2016 года Ганцавіцкі раённы выканаўчы камітэт за № 1153 прыняў рашэнне "Аб прысваенні імя Якуба Коласа дзяржаўнай установе адукацыі "Люсінскі дзіцячы сад - сярэдняя школа".
У 2019 г. па ініцыятыве грамадскага дзеяча, былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Уладзіміравіча Свірыда ў лясным урочышчы Яшукова Гара бліз старой дарогі з Люсіна да Малькавіч быў устаноўлены памятны знак.
У верасні 2021 года была створана чарговая старонка ўшанавання народнага песняра на люсінскай зямлі. На месцы, дзе стаяла коласаўская школа, з'явіўся новы памятны знак у выглядзе разгорнутай кнігі з надпісам "На гэтым месцы знаходзілася школа, у якой з 1902 па 1904 гады працаваў настаўнікам народны паэт Беларусі Якуб Колас", на адваротным баку - выява радкоў з "Новай зямлі" - "Мой родны кут".
А ранейшы памятны знак у выглядзе вялізнага каменя знайшоў новае месца - каля будынка сучаснай школы; на ім зараз знаходзіцца шыльда аб часе працы Я.Коласа ў нашай вёсцы.
Для народнага песняра Я.Коласа наша люсінская зямля стала крыніцай натхнення, моцным штуршком для творчага пошуку. Памяць пра Коласа перадаецца ад пакалення да пакалення. Не згасае ў сэрцах люсінцаў любоў да паэта.
А.І.Занька