А.Фурсевіч - першы настаўнік і сябар Я.Коласа
Люсінскае народнае вучылішча было заснавана ў 1898 годзе. Першым настаўнікам у вучылішчы быў Аляксандр Восіпавіч Барташэвіч. Праз два гады яго змяніў Аляксандр Юстынавіч Фурсевіч. Перад гэтым ён працаваў два гады ў Лагішынскім народным вучылішчы. У той час ратацыі былі звыклай справай. Гэты факт застаўся б незаўважаным, калі б не сяброўства Аляксандра Фурсевіча з Канстанцінам Міцкевічам (Якубам Коласам). Пачалося яно яшчэ ў дзяцінстве. Аляксандр Фурсевіч стаў “дарэктарам” будучага класіка. У далейшым Канстанцін Міцкевіч пайшоў па сцежках трохі старэйшага сябра. Так, апошні паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Туды праз чатыры гады , у 1898 годзе, прыедзе вучыцца і Канстанцін Міцкевіч. Затым іх шляхі будуць перасякацца на настаўніцкай ніве.
У Люсіне Аляксандр Фурсевіч паявіўся не пазней як 30 верасня 1900 года. Калі ён прыйшоў на новае месца працы, дык адразу наладзіў рэвізію. Рэвізія выявіла, што не ўсе рэчы знаходзіліся ў наяўнасці. Гэта прымусіла Аляксандра Фурсевіча напісаць рапарт у Менскую дырэкцыю народных вучылішч. У цэлым урону школьнай маёмасці настаўнік налічыў на 3 рублі 55 капеек. Для лепшага разумення можна прывесці кошты ў перадваенны 1914 год: 400 гр чорнага хлеба каштавала 2,5 кап., масла – 48 кап., свініна – 23 кап., мужчынскі абутак – 12 руб., воз дроў - 10 руб. Можна зрабіць выснову, што матэрыяльная нястача школы не была маленькай. Заробак настаўніка на той час складаў 240 рублёў у год (у месяц 20 руб.)
Але не толькі матэрыяльны бок яго турбаваў. Настаўнік упарадкоўваў сваё месца працы з усёй адказнасцю і сур’ёзнасцю. Такім чынам, ён сцвярджаўся на новым месцы і як асоба.
У аповесці “У палескай глушы” Якуб Колас уводзіць героя, прататыпам якога быў Аляксандр Фурсевіч. Гэта настаўнік – сябра Лабановіча пад пазнавальным прозвішчам Турсевіч. Пры першай жа згадцы Турсевіча падаецца дастатковая для чытацкага ўяўлення характарыстыка персанажа:
“Баранкевіч вельмі спагадана ўспамінаў настаўніка, якога замяніў Лабановіч.
- Што мне падабаецца ў пана Турсевіча, дык гэта тое, што ён умеў паставіць сябе ў кожным коле грамадства і меў свой асабісты гонар, - сказаў падлоўчы………
- Пан Турсевіч у школе быў строгі, - адгукнуўся малы Чэсь.”