Апошні званок
30.05.2017
Заканчэння навучальнага году чакаюць усе вучні і не таму, што надакучыла вучыцца, а таму, што наперадзе іх чакае вясёлая летняя пара. А для вучняў 11 класа момант заканчэння чарговага навучальнага года з'яўляецца мяжой паміж безтурботным дзяцінствам і шляхам у дарослае самастойнае жыццё. Менавіта 16 адзінаццацікласнікаў былі галоўнымі дзеючымі асобамі на ўрачыстай лінейцы, што прайшла 30 мая ў нашай установе. Перад вучнямі, настаўнікамі, бацькамі, прадстаўнікамі грамадскасці выступіла дырэктар школы Зялёнка В.А.. У сваім выступленні Валянціна Вячаславаўна падвяла вынікі работы за навучальны год, адзначыла поспехі вучняў і настаўнікаў у вучобе, спорце, творчай дзейнасці. Лепшыя навучэнцы атрымалі граматы з рук кіраўніка школы. Перад прысутнымі са словамі віншавання і пажаданнямі выступілі І сакратар РК ГА "БРСМ" Занька А.А., старшыня Люсінскага сельвыканкама Шкут В.А., першая настаўніца сённяшніх выпускнікоў Жалезная Т.І. і іх класны кіраўнік Савончык У.А., ад імя бацькоў - Амельяновіч Н.І. Прымалі віншаванні адзінаццацікласнікі і ад самых малодшых вучняў - першакласнікаў. Традыцыйна адбылася перадача сімвалічнага ключа выпускнікоў тым, каму застаўся яшчэ адзін год навучання, - дзесяцікласнікам. Празвінеў апошні званок. Адзінацаццікласнікі пракружыліся ў апошнім школьным вальсе. Звязаныя разам шаснаццаць каляровых шароў падымаліся высока над будынкам школы і нясліся ў бязмежную блакітную даль. Шчаслівага шляху табе, выпускнік!
А.І.Занька,
настаўнік інфарматыкі
і матэматыкі
ФОТАРЭПАРТАЖ з лінейкі глядзі ў раздзеле ФОТАГАЛЕРЭЯ