(Не) ноч у музеі дзядзькі Якуба
21.05.2022
Ноч – гэта час цудаў. Час, калі ўсё ажывае, захапляе дзівосамі, зачароўвае.
А ў нашым літаратурным музеі Якуба Коласа ўсё пачалося з вечара. Спачатку ажылі літаратурныя персанажы з твораў Якуба Коласа: дзядзька Антось, Міхал з Яськам Базылёвым, Алесь, Самон і Ганна, дзед Талаш. Малады Міцкевіч расказаў пра кожны свой твор, што хацеў увасобіць, што хвалявала.
Тут таксама дзейнічала выстава фотакасплэяў. Вучні школ нашага раёна прадаставілі фотаілюстрацыі да твораў славутага пісьменніка. Тут былі і хлапчукі з апавядання “У старых дубах”, пані Ядвіся, Лабановіч і бабка Мар’я з аповесці “У палескай глушы” , Сцёпка і Аленка з аповесці “На прасторах жыцця”, Сымонка з паэмы “Сымон-музыка”.
Затым гасцям музея быў прапанаваны захапляльны квэст, які патрабаваў добрага ведання жыццёвага і творчага шляху Якуба Коласа, а таксама этнаграфіі. За пройдзены квэст госці атрымлівалі падарунак.
І канечне, калі запрасілі ў госці – трэба пачаставаць. Дамашняе печыва ад бабкі Мар’і прыйшлося да спадобы!
Вечар завяршыўся вясёлай дыскатэкай.
Вось такім чынам наш музей ўпершыню далучыўся да міжнароднай акцыі “Ноч музееў”. І гэта стала завяршальным мерапрыемствам святкавання 40-годдзя дзейнасці літаратурнага музея Якуба Коласа.
Н.А. Антыкала,
кіраўнік музея