Паэтычная гадзіна ў музеі
29.04.2022
Паэтычная гадзіна “Роднае слова”, прысвечаная 40-годдзю з дня адкрыцця музея, прайшла ў нашай установе. На мерапрыемства былі запрошаны ветэран працы і грамадскі дзеяч Свірыд Аляксандр Уладзіміравіч, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК “Ганцавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” Маляўка Таццяна Уладзіміраўна. Удзел у мерапрыемстве прынялі вучні 6-7 класаў, загадчык музея Антыкала Наталля Аляксандраўна, дырэктар установы Зялёнка Валянціна Вячаславаўна, вядучай выступіла Амбражук Людміла Мікалаеўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры.
Пад час сустрэчы прысутныя ўзгадалі самыя яркія і хвалючыя моманты з жыцця музея, абмеркавалі значнасць захавання памяці пра Якуба Коласа, яго жыццёвы і творчы шлях. Вучні прачыталі вершы Якуба Коласа: Наумік Кацярына - “Дзе б ні быў я, што б ні думаў”, Антыкала Арына - “На полі вясною”, Амельяновіч Паліна - “Беларусам”. Свае ўласныя вершы прачыталі Жалезная Таццяна, Гаргун Віялета, Хоміч Марыя, Занька Паліна, Літвіновіч Марына. За выразнасць чытання, напоўненую пачуццямі, Таццяна Уладзіміраўна Маляўка ўручыла дзяўчынкам падарункі.
Прыемна здзівіў прысутных Аляксандр Уладзіміравіч Свірыд, уручыўшы дырэктару ўстановы пісьмо-віншаване з найлепшымі пажаданнямі ад імя супрацоўнікоў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.
Паважаныя госці звярнуліся да ўдзельнікаў мерапрыемства са словамі ўдзячнасці, што памяць пра Паэта і любоў да яго перадаецца ад пакалення да пакалення і не згасае ў сэрцах люсінцаў. Пажадалі вучням і настаўнікам годна ставіцца да гістарычнай мінуўшыны, шанаваць спадчыну, выдатных дзеячаў беларускага пісьменства, якія з’яўляюцца асновай нашай культуры. Таццяна Уладзіміраўна Маляўка заклікала дзяцей шанаваць, любіць, ганарыцца роднай мовай.
Завяршылася мерапрыемства відэаўспамінамі і падарункамі.
А.Ю. Рылка,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці