Па традыцыі, у пятніцу, напярэдадні прафесійнага свята настаўнікаў, у нашай школе прайшоў дзень самакіравання. Вучні старэйшых класаў выступалі ў ролі педагогаў: праводзілі ўрокі, сачылі за дысцыплінай. Былі і свой дырэктар і яго намеснікі. А пасля урокаў вучні падарылі сваім настаўнікам святочны канцэрт. У актавай зале панавала цёплая атмасфера, прасякнутая добрым настроем і пазітыўнымі эмоцыямі. Дырэктар школы Зялёнка Валянціна Вячаславаўна павіншавала ўвесь калектыў са святам і пажадала, каб творчая энергія і аптымізм заўсёды спадарожнічалі ў працы. Працягнулі канцэртную праграму творчыя нумары нашых таленавітых дзяцей, якія падрыхтавалі музычныя нумары і тэатралізаваныя сцэнкі, якія не толькі забаўлялі гледачоў, але і падкрэслівалі важнасць ролі настаўніка ў жыцці кожнага чалавека. Кожны нумар быў напоўнены эмоцыямі і любоўю да настаўнікаў. А ўдзячныя гледачы ў сваю чаргу дарылі бурныя апладысменты.


