ШАГ: Абаронцы Айчыны
22.02.2024
22 лютага ў рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта «Школа актыўнага грамадзяніна» прайшла інфармацыйная гадзіна на тэму “Радзіма мая Беларусь у асобах. Абаронцы Айчыны" (аб супрацоўніках узброеных Сіл, пагранічнай службы, мытнай службы, МНС).
У ходзе першага этапу “Мы даведваемся” пад час віктарыны вучні актуалізавалі свае веды і назвалі памятныя даты, на якія багаты месяц люты. Заключным святам лютага стане Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Разважаючы над пытаннем, чаму патрэбна ваенная служба, вучні прыйшлі да высновы, што абарона краіны – гэта святы грамадзянскі абавязак. Зусім новай для вучняў стала інфармацыя аб існаванні міжнародных армейскіх гульняў, з вялікай цікавасцю дзеці глядзелі відэаролік аб спаборніцтвах. Таксама ў ходзе віктарыны вучні ўспомнілі знакамітых лётчыкаў: Карвата Уладзіміра Мікалаевіча, Нічыпорчыка Андрэя Уладзіміравіча і Куканенка Мікіту Барысавіча, якія цаной свайго асабістага жыцця выратавалі людзей. Справядліва, што за свой гераізм пілотам было прысвоена званне “Герой Беларусі”. Вучні і настаўнікі ўшанавалі памяць герояў хвілінай маўчання.
На занятак быў запрошаны ганаровы госць – начальнік крымінальнага вышуку Ганцавіцкага РАУС Юрчык Дзмітрый Іванавіч. Дзмітрый Іванавіч падрабязна расказаў аб сваім прафесійным станаўленні. Пасля заканчэння вучобы ў школе ён спрабаваў свае сілы ў школе міліцыі, аднак вырашыў, што пакуль не пройдзе тэрміновую службу ў арміі, шлях міліцыянера не пачне. “Выбар арміі – добры шлях для многіх хлопцаў”, – адзначыў Дзмітрый Іванавіч. Пасля арміі ён скончыў на той час яшчэ Магілёускі каледж МУС і Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт і атрымаў юрыдычную адукацыю, пасля чаго прыступіў працаваць на пасадзе старэйшага ўпаўнаважанага групы па наркакантролю Баранавіцкага РАУС, а затым быў пераведзены ў Ганцавіцкі РАУС.
Дзмітрый Іванавіч падзяліўся небяспечнымі падзеямі, з якімі прыходзілася сутыкацца пад час прафесійнай дзейнасці: “Калі выратоўваеш чужое жыццё - за сваё не страшна”. Але таксама ён адзначыў, што кожны супрацоўнік павінен быць не толькі добра фізічна развіты, але і мець навык камунікатыўнага ўзаемадзеяння. За сваю працоўную дзейнасць Дзмітрый Іванавіч быў узнагароджаны нагрудным знакам “За адданасць службе ” і медалём “100 год міліцыі Беларусі”.
У канцы сустрэчы вучні і настаўнікі школы павіншавалі Дзмітрыя Іванавіча з надыходзячым святам і падзякавалі за цікавую сустрэчу.